Вс. Окт 1st, 2023

Раённая газета ўжо двойчы за апошнія месяцы асвятляла пытанні стварэння сацыяльнага кафэ «Срэбраны ўзрост» для пажылых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І вось адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

29 снежня, адразу пасля 14.00 ля будынка магазіна «Гурман», што на вуліцы Камуністычнай, на супрацьлеглым баку ад уваходу ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сабраўся зацікаўлены падзеяй натоўп. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Бялько адзначыў, што ў Міёрах з’явіўся не зусім звычайны аб’ект: пад шыльдай кафэ знаходзіцца школа камп’ютарнай граматнасці для тых, хто імкнецца набыць навыкі па карыстанні сучаснымі тэхналогіямі.

Таму «Срэбранаму ўзросту» проста наканавана стаць папулярным. І перадаў сімвалічны ключ кіраўніку раённай ветэранскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Чаславу Кашкуру. Той пацвердзіў, што добрая справа – плён намаганняў і працы многіх. Так, ідэя ўключыцца ў конкурс мясцовых ініцыятыў у рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» зыходзіць ад спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра, якія ведаюць актуальныя праблемы і патрэбы людзей пэўнай катэгорыі грамадзян з уласнага вопыту. Ветэранская пярвічка задуму падтрымала, узначаліла ініцыятыву і актыўна ўдзельнічала ў ёй.

Аднак увасобілася ў жыццё яна дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і яго падраздзялення – ТЦСАНа. Непасрэдна над рэалізацыяй праекта найбольш працавалі загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання Ганна Ліскова, спецыялісты Юлія Машара і Вольга Рачыцкая. Ініцыятыва рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Агульныя намаганні дазволілі атрымаць грант у 10 тысяч еўра, якія выкарысталі на стварэнне сацыяльнага кафэ.

Пасля невялікай урачыстасці і прадстаўлення перад дзвярыма, за якімі не так даўно знаходзілася працоўная майстэрня для інвалідаў, пачалася агульная экскурсія ў новую ўстанову. Кафэ – гэта ўжо абноўленае памяшканне плошчай каля 25 – 30 квадратных метраў, адна частка якога – камп’ютарны клас, другая – невялікі кафетэрый для адпачынку. На пяці сталах устаноўлены ноутбукі, яшчэ на адным – прынтар і смартфон. Для наведвальнікаў кафэ падрыхтаваны месцы за столікамі. Набыта кавамашына, а таксама мікрахвалёўка і іншае абсталяванне.

Памяшканне адрамантавана. Як выказаў спадзяванні Вячаслаў Анатольевіч, яго дэкорам зоймуцца будучыя «вучні» і наведвальнікі.
ДЛЯ «Срэбранага ўзросту» галоўнае ўсё ж камп’ютарнае абсталяванне. Ініцыятыўных грамадзян навучаць з дому аплачваць камунальныя паслугі, запісвацца на прыём да ўрача, заказваць пакупкі ў інтэрнэце ці білеты на грамадскі транспарт, мець зносіны ў сацыяльных сетках і многае іншае.

Пакуль адны ўдзельнікі ўрачыстасці знаёміліся з абсталяваннем і асвойвалі кафэ, іншыя ўжо працавалі ў зале на другім паверсе будынка ТЦСАНа. Ганна Ліскова і Юлія Машара вырашалі практычныя пытанні з першым дзясяткам будучых навучэнцаў. Дарэчы, імі аказаліся толькі жанчыны-пенсіянеркі. Найперш яны запоўнілі анкеты для высвятлення ўзроўню камп’ютарнай падрыхтоўкі. Потым сфарміравалі дзве вучэбныя групы з пяці чалавек кожная. Дамовіліся, што заняткі будуць праходзіць па аўторках і чацвяргах на працягу дзвюх гадзін для адной групы з раніцы, для другой – пасля абеду.

Выкладчык-эксперт Кацярына Шульга і яе памочнікі-валанцёры падабраны, дадаткова ў гэтай якасці будуць далучацца вучні-старшакласнікі. Таксама плануюцца іншыя мерапрыемствы па інтарэсах. Выказана агульнае пажаданне найперш сустрэцца з работнікамі банка, каб даведацца пра бяспеку фінансавых аперацый. Потым будуць гутаркі з медыкамі, пакуль не ўтаймаваны каронавірус, супрацоўнікамі аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў.

У адкрыцці сацыяльнага кафэ прынялі ўдзел прадстаўнікі іншых ініцыятыў. Кіраўнік «Распісных пернікаў Міёршчыны» Ксенія Маскаленка прыгатавала для гасцей салодкія падарункі.

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *